1
Культура і медыя, Рэцэнзіі, Тэксты

Ад п’яной джыгі да сацыяльнай крытыкі

0 73

(Dropkick Murphys — «Going Out In Style», 2011; Flogging Molly — «Speed Of Darkness», 2011)

Ці даводзілася вам да знямогі танчыць на стале, выпіўшы пры гэтым не адзін літр піва? Ці марылі вы калі-небудзь, пад посвіст куль гнаць у шыю з родных верасовых пагоркаў праклятых redcoats («чырвонамундзірнікаў»)? Альбо вусы раздзьмувая стаяць на карме пад трапечучым Вясёлым Роджэрам, ды ахрыплай ад рому і халоднага ветра глыткай падаваць каманды разнастайнаму натоўпу матросаў-шыбенікаў? На скрайні выпадак, можа у вас атрымалася разок паўдзельнічаць у бойцы або ўцякаць з усіх ног ад паліцыі? Калі што-небудзь з вышэйпералічанага хаця б разочак ў жыцці проста прыходзіла вам у галаву – значыцца, вы чалавек, які здольны пачуць і ўспрыняць пазыўныя кельтык-панка.

Кельтык-панк – не вельмі малады напрамак, але і сёння ён развіваецца даволі імкліва, аб’ядноўваючы вялікую колькасць як «заслужаных» каманд, так і пачаткоўцаў. За кропку адліку яго нараджэння прынята браць творчасць лонданскай панк-банды Pogues, якая ўвяла ў аранжыроўкі сваіх песень народныя ірландскія інструменты. На дадзены момант розныя кельтык-панк групы ўжываюць вельмі шырокі спектр народных інструментаў. Акрамя традыцыйных скрыпкі або фідла і ірландскай альбо шатландскай дуды выкарыстоўваюцца таксама вістл, банджа, мандаліна, акардэон, бамбарда ды інш. Як вынікае з самой назвы, музыка кельтык-панка ўяўляе сабой грымучую сумесь разгвэзданага панк-рока і ірландскіх, шатландскіх, брэтонскіх ды іншых матываў (як правіла, танцавальных). Акрамя ўласна панка на яе аказала ўплыў пралетарская субкультура скінхэдаў, музыка oi! Такая «генетыка» наўпрост паказвае, што гэтая музыка народжаная для вясёлага баўлення часу ў піўных карчмах, і па сутнасці – народжаная духам гэтых пабаў. Уласна, змест тэкстаў песень кельтык-панкавых гуртоў сам падцвярждае гэта: яны часцяком прысвечаны піву – куфаль за кельтаў, яшчэ раз піву – куфаль за панкаў, зноў піву – куфаль за скінхэдаў … – ой, здаецца, мы захапіліся! Таксама абавязкова пяецца пра неразлучных сяброў, заклятых ворагаў, пра верных альбо няверных сябровак. Але ёсць у ёй і іншыя складнікі.

Па-сапраўднаму кельтык-панк разросся на паўночнаамерыканскім кантыненце ў асяроддзі ірландскіх грамадзян ЗША – нашчадкаў шматлікіх пакаленняў ганарлівых кельтаў, уцекачоў з радзімы ў XIX-XX стст. ад галечы, голаду, каланіяльнага прыгнёту, грамадзянскай вайны і іншых сумных наступстваў брытанскага імперыялізму. Сярод мноства амерыканскіх груп, якія граюць ірландскі і шатландскі фолк-панк, ёсць такія шырокавядомыя як Dropkick Murphys, Flogging Molly, The Real McKenzies, Flatfoot 56 і шмат якія іншыя. Вельмі часта яны перапяваюць вядомыя ірландскія народныя песні, у тым ліку – апавядаюць пра нялёгкі лёс ірландскага народа, а таксама складаюць свае ўласныя, прысвечаныя гістарычнай радзіме кампазіцыі, якія, нягледзячы на ўяўную гістарычнасць, часам набываюць актуальную палітычную афарбоўку. Іншая сэнсавая падаплёка шматлікіх песень дадзенага жанру – сацыяльная. Гэта ў першую чаргу так званы «working class pride» – гонар за сваё пралетарскае паходжанне, прыналежнасць да «сініх каўнерыкаў». Але не толькі гэта.

Так, у нядаўніх альбомах двух вядомых у ЗША, Канадзе і Еўропе гуртоў, пра якія тут пойдзе гаворка, – Flogging Molly і Dropkick Murphys – гучыць вострасацыяльных праблематыка, звязаная з посткрызісным станам эканомікі ЗША і абвастрэннем класавых супярэчнасцей на гэтым фоне.

Злёгку адыходзячы ад тэмы, заўважу, што асобнага вялікага даследавання заслугоўвае сучасная «левая» амерыканская сцэна: у адсутнасць сацыялістычных партый, масавых левых рухаў, слабой распаўсюджанасці левых ідэй сярод насельніцтва (як вядома, у ЗША «левымі» звычайна называюць дэмакратаў, а пра якія-колечы марксісцкія ідэі па-за універсітэцкімі кампусамі гутарка ідзе рэдка) – дык вось, нягледзячы на такую спецыфічную палітычную культуру Паўночнай Амерыкі, рок-, панк-, рэп-, хардкор-сцэна ЗША спараджае велізарную колькасць выканаўцаў і груп з выразна антырасісцкім, антымілітарысцкім, антыімперыялісцкім, антыкапіталістычным гучаннем (у варыяцыях ад памяркоўна-пацыфісткіх матываў – ажно да заклікаў да барацьбы з няроўнасцю і эксплуатацыяй). Гэта Bad Religion, System Of A Down, Rage Against Machine, NOFX, The Immortal Technique тыя ж Dropkick Murphys і Flogging Molly і мноства іншых гуртоў рознай ступені вядомасці. У 2004 многія рокеры ЗША аб’ядналіся ў адным альбоме (выйшаў у 2-х частках) пад назвай «Rock Against Bush», дзе якраз і адлюстравана названая вышэй «левая» і «калялевая» праблематыка.

І калі першым сур’ёзным матывам, які аб’яднаў альтэрнатыўную амерыканскую сцэну пад эгідай барацьбы з капіталізмам, агрэсіўнай ваеншчынай і паліцэйшчынай, паслужыла палітыка Буша-малодшага, то другой прычынай сталі наступствы фінансава-эканамічнага крызісу 2008-2009, ад якога пацярпелі не толькі і не столькі банкіры, колькі слынны масавы «сярэдні клас» ЗША. Найманыя работнікі, якія сядзяць на кароткім ланцужку жыллёвай іпатэкі, запазычанасцей за аплату навучання, часцяком – без медыцынскай страхоўкі, адразу адчулі сваю сацыяльную неабароненасць і пралетарскае наканаванне. І гнеў, раней накіраваны супраць адміністрацыі ЗША, павярнуўся ў бок багацеяў з Пятай авеню і банкіраў з Уолл-Стрыт. Што мы і назіраем сёння.

«Сацыяльная чуллівасць», уласцівая шматлікім альтэрнатыўным рок-гуртам, адбілася і на творчасці кельтык-панк бандаў Dropkick Murphys і Flogging Molly (якія, дарэчы, у свой час таксама не абыйшлі крытыкай палітыку Буша-малодшага).

Бліжэй да сярэдзіны нулявых група Flogging Molly пачынае паступова адыходзіць ад уласных канонаў танцавальнай паб-музыкі і ўсё больш схіляецца ў бок сацыяльнай і экзістэнцыяльнай лірыкі. Аднак, паколькі нас тут цікавіць менавіта першая, скажам толькі пра яе. У альбом «Within A Mile Of Home» (2004) група ўключыла выдатную кампазіцыю са спасылкай на матывы Старога Запавета – «Screaming At The Wailing Wall». У ёй распавядаецца пра тое, што амерыканцаў, як тых старажытных юдэяў, усё вядуць па пустэльні да абяцанай burnin’ bush‘ем свабоды (гульня слоў, якую можна перакласці як «палаючы куст» са Старога Запавету, у выглядзе якога бог гаварыў з Майсеем, ці як «шалёны Буш»), аднак замест здабыцця свабоды яны толькі нязменна галосяць ля Сцяны Плачу. Тут жа прысутнічае шчымлівая «Factory Girls» пра ўспаміны немаладой жанчыны, якая правяла ўсе будні сваёй маладосці на фабрыцы: «Яна чуе хор завадскіх, якія спяваюць зноў і зноў; пустыя іх кішэні, але голас напоўнены песняй».

У альбом «The Warrior’s Code» (2005) Dropkick Murphys ўвайшла антываенная песня «Last Letter Home» (у ёй былі выкарыстаныя радкі з ліста салдата, які загінуў у Іраку) і кампазіцыя «Citizen CIA» – пра злачынную экспансіўную міжнародную палітыку ЗША.

У 2007-м годзе (альбом «The Meanest Of Times») група вельмі драматычна перапела старадаўнюю ірландскую народную песню «Johnny, I Hardly Knew Ya» XIX стагоддзя: яна апавядае пра салдата, які прыйшоў з каланіяльнай вайны інвалідам. «The State Of Massachusetts» – песня пра разбуральную сілу наркотыкаў (згодна судоваму рашэнню ў нарказалежнай маці адбіраюць яе дзяцей: «Яе муж быў жорсткім, злосным і абыякавым, яе дзеці цяпер належаць штату Масачусэтс…»). У процівагу гэтай роспачнай сацыяльнай безнадзейнасці песня «Tomorrow’s Industry» заклікае да асабістай стойкасці, імкнення перамагчы абставіны і штосьці «змяніць у гэтай краіне», да таго ж яна нагадвае цяперашняму пакаленню аб тым, што яго продкі «працавалі ўдвая больш і цяжэй». У «Loyal To No-One» выкрываецца скрайні індывідуалізм, уласцівы людзям сучасных грамадстваў: эгаістычная мараль, якая дыктуе не разлічваць ні на каго і не дапамагаць знясіленаму, які ўпаў, а наадварот – «стаць яму на спіну для лепшага агляду». Увогуле, «свет руйнуецца, руйнуецца на нашых вачах», як спяваецца ў песні «Shattered» з гэтага ж альбома.

У 2011 годзе кожная з дзвюх груп выпусціла па альбоме: Dropkick Murphys«Going Out In Style», Flogging Molly«Speed Of Darkness».

У параўнанні з «The Meanest Of Times» 2007 года альбом Dropkick Murphys 2011 г. апынуўся ў меншай ступені сацыяльна-крытычным (зрэшты, яго музычны складнік пры гэтым зусім не сапсаваўся, гэты дыск – адзін з лепшых запісаў бостанскіх «кельтаў»). Аўтары зноў звяртаюцца да ірландскай тэматыкі. Як паведамляе Вікі: «Going Out in Style» з’яўляецца канцэптуальным альбомам. Галоўны герой тэкстаў песень – выдуманы персанаж па імені Карнэлій Ларкін, які з’яўляецца ірландскім імігрантам. На працягу альбома прасочваецца яго жыццёвы шлях». Аматары кельтык-панка палюбяць гэты альбом, насычаны і яркімі жорстка-рокавымі, і танцавальна-фолкавымі, і лірычнымі кампазіцыямі. А пачынаецца ён з завадной і даволі «крыважэрнай» (відавочна з налётам злой пірацкай або бандыцкай рамантыкі) песенькі «Hang ‘Em High» («Павесіць іх вышэй»). Песня «Take ‘Em Down» з’яўляецца адзінай (але даволі выбітнай) сацыяльна-класавай кампазіцыяй у альбоме. Акрамя таго, што ў ёй наўпрост рэкамендуецца «скінуць байструкоў-босаў», да ўсяго група афіцыйна прысвяціла яе «барацьбе працоўных штата Вісконсін», калі заявіла аб сваёй падтрымцы і салідарнасці з лютаўскімі пратэстамі 2011 года. У гэтым класічным вясёлым кантры без хітрыкаў гаворыцца пра тое, што не трэба слухаць балбатню наймальнікаў, але аб’ядноўвацца і «валіць іх на зямлю». We gotta take the bastards down!

У адрозненне ад сабратаў па цэху і духу, Flogging Molly ў 2011-м выпусцілі альбом амаль на 100% прысвечаны сацыяльнай  тэматыцы. Як і іх бостанскія калегі з DkM, музыканты з Flogging Molly выстаўлялі ўсе свае песні для праслухоўвання ў сацыяльных сетках. Аб чым жа пяецца на гэтым дыску? Загалоўная песня «Speed Of Darkness» («Хуткасць цемры»), якая дала назву ўсяму альбому – змрочная па сэнсе, але выкананая ў шалёна-танцавальным рытме ў лепшых кельтык-панк традыцыях. Як растлумачыў фронтмэн і аўтар большасці песень групы Дэйв Кінг: «Дзіна Мішэціч – мастак, які зрабіў вокладку альбома, вырас на Балканах. Яго бацька распавядаў нам пра тое, як хутка вайна прыйшла ў краіну і да якіх кепскіх наступстваў яна адразу ж прывяла. Ён паказаў нам кнігу «Sarajevo Marlboro» (аўтар – Miljenko Jergovic), у якой цытавалася выказванне Дзіна, калі той яшчэ быў хлапчуком. Дзіна сказаў: «У школе нас вучылі аб хуткасці святла, але ніколі не казалі нам, што існуе хуткасць цемры». «Хуткасць цемры асвятляе наш шлях, мы трымаем курс на Амерыку», – спяваецца ў песні. У свой час сям’я мастака Дзіна спакаваўшы заплечнік бегла з Балкан ў Амерыку.

Не ведаю, ці хітруе па нейкіх сваіх прычынах Дэйв Кінг, калі ў інтэрв’ю сцвярджае, што наступная песня «Revolution» – зусім не пра сацыяльную рэвалюцыю, а пра персанальную рэвалюцыю ў жыцці кожнага з нас. Наўпрост-такі прапаганда хрысціянскай стойкасці і «пратэстанцкай этыкі» (не пры ірландскіх каталіках будзе сказана): «Гаворка ідзе аб змяненні сябе знутры. Я ведаю некалькіх людзей, якія, ва ўмовах эканамічнага спаду, страцілі свае працоўныя месцы і заняліся зусім іншым. Яны паспрабавалі адкрыць рэстаран або прыватны заапарк». Аднак у самой песні спяваецца пра нейкія іншыя рэчы:

«Я правёў 27 гадоў на гэтым заводзе,
зараз бос кажа: ты не тое, што нам трэба
Пінгвіны ў касцюмах, яны ведаюць толькі сквапнасць!
(…)
Такім чынам, няхай пачнецца Рэвалюцыя!» – як гаворыцца, хто мае вушы, няхай пачуе.

Яшчэ адна ключавая вострапраблемная песня – «Don’t Shut ‘Em Down». На яе быў запісаны анімацыйны кліп, у якім прысутнічаюць адсылкі ці то да Дэпрэсіі 30-х, ці то да крызісу «нулявых», але відавочна, што сутнасць адная і тая ж: крах эканомікі і яго сацыяльныя наступствы. На гэтую песню Дэйва Кінга «натхніла» аднолькавая сітуацыя ў родным Дэтройце і на яго першай радзіме – Ірландыі. Уздоўж аўтастрады па дарозе на Дэтройт стаіць мноства зачыненых і забітых будынкаў, на якіх намаляваныя вялізныя графіці «Не Shut ‘Em Down» («Ён зачыніў іх»). «Усё, што я мог думаць пра сябе, было: «Не, не зачыняйце іх! Эканамічная сітуацыя ў Ірландыі цяпер такая ж. Людзі пакідаюць краіну з-за гэтага. Мы былі на гастролях на працягу апошніх некалькіх гадоў і бачылі мноства гарадоў, з якімі мы зрадніліся і якія палюбілі – яны наўпрост знікаюць. Людзі вымушаныя пакінуць свае працоўныя месцы і свае дамы. Гэта вельмі сумна, і ва ўсялякім выпадку, тое, што я магу зрабіць, як аўтар песень — гэта даць сацыяльны каментар да таго, што бачу», – распавядае гісторыю стварэння кампазіцыі Дэйв Кінг.

«Сістэма не працуе, распад (…)
Суседзі развітваюцца адно з адным
Гэтай краіне канец, кажуць яны», – канстатуюць музыканты.

Наступная песня «The Power’s Out» («Электрычнасць знікла») таксама прысвечана горача любімаму салістам групы, але несупынна выміраючаму Дэтройту. Аўтар прыгадвае, як у 70-я гады, калі ён дзіцем жыў з сям’ёй у Ірландыі ў глыбокай беднасці, ім адключалі электрычнасць за нявыплату. Але нават у такой жыццёвай сітуацыі, кажа ён, мы не гублялі пачуццё гумару, няхай і ў форме горкага сарказму. Яно ж, калі верыць аўтару, не пакінула яшчэ і дэтройцаў:

«Я з Дэтройта, дзе ў мяне бяспечная праца
Бяспечная ў тым сэнсе, што яе больш няма», – спяваецца ў песні.

Яшчэ адна кампазіцыя, якую варта было б згадаць у кантэксце гэтага агляду, гэта «Oliver Boy». Яна знаходзіцца на сутыку гістарычнай ірландскай тэматыкі і вострых палітычных актуаліі сучаснасці. Па-першае, Олівер – гэта самы ненавісны для ірландцаў гістарычны персанаж (Олівер Кромвель), які на чале войска ўварваўся ў Ірландыю ў 1649 годзе. Аўтар праводзіць гістарычныя паралелі з Oliver Boy – зборным вобразам сучаснага амерыканскага салдата (або найміта прыватнай арміі – T. Czy), чыя нага топча чужыя землі на Блізкім Усходзе (а самалёты прасуюць гарады і вёскі – T. Czy) Імперыялізм на маршы якім ён быў і які ёсць цяпер.

«Oliver Boy, зараз ты сыйдзеш,
а мы застанемся там, дзе жывем.
Прабачэнне, у якім наша сіла, ты ніколі не ўбачыш
(…)
Oliver Boy! Гэта тая ж міліцыя
Oliver Boy! Толькі вопратка іншая
Oliver Boy! Гэта ўсё тая ж старая гісторыя
Oliver Boy! Дзе кроў – там смерць, а не слава
(…)
Так што не кажы мне, што твой Бог – гэта мой Бог
Я думаю, ім наогул усё адно –
гэта толькі ілжывая пантаміма за заслонай…»

Так здарылася, што Flogging Molly выпусцілі гэты альбом незадоўга да выступленняў працоўных штата Вінсконсін і больш як за паўгады да цяперашняга агульнаамерыканскага руху «Акупацыі Ўол-Стрыт». Відавочна, што сацыяльныя праблемы, якія закранаюцца ў гэтых песнях, з’явіліся задоўга да таго, як лопнула цярпенне амерыканскіх абываталяў. Ды і сам характар песен з альбома сведчыць аб тым, што іх аўтары і выканаўцы хутчэй заклікаюць да персанальнага стаіцызму, захавання чалавечасці ў складаных умовах, чымся да нейкіх акцый супраціву. Фразу «Не зачыняйце іх» акурат можна інтэрпрэтаваць у тым ключы, каб людзі не зачынялі душы і сэрцы, што пацвярджаецца далейшымі словамі песні «Don’t Shut Em’Down»:

«Людзі, клапаціцеся пра людзей
Няма іншага выйсця, бо інакш нам канец…»

Такі агульнагуманістычны пафас уласцівы большасці «вострых» песен групы, і, напэўна, людзі добрай волі мусяць быць згодная з пасылам, што абыякавасць і чэрствасць – адныя з самых страшных «грахоў», асабліва ў цёмныя часы сістэмнага крызісу. Але ж прычыны апошняга не палягаюць ў чыста суб’ектыўнай плашчыні «няправільных паводзін» людзей. Іспанскія indignados з Пуэрта-дэль-Соль, чылійскія студэнты, амерыканцы, што праводзяць акцыі пратэсту на Ўол-Стрыт і шмат іншых людзей (таксама добрай волі) небеспадстаўна бачаць прычыны ў самой сістэме. І таму лозунгі «арганізуймася, аб’яднаймася, дамо ім адпор» з песні Dropkick Murphys «Take ‘Em Down» для іх, бадай, не меньш актуальныя, чым заклікі да праяўлення чалавечасці.

Таццяна Czy

Leave a reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


восемь + = 10

Каталог TUT.BY