sam
Інтэрв'ю, Дыскусія, Навіны, СССР. Перыяд паўраспаду

Путч, анархія і самвыдат

0 143

На двары чарговая гадавіна «Жнівеньскага путчу» 1991-га года, пасля якога распад першай ў свеце сацыялістычнай дзяржавы перайшоў у актыўную фазу, і пятнаццаць саюзных рэспублік сталі незалежнымі дзяржавамі. Падзея забываецца, міфалагізуецца, і ўсё радзей узнікаюць пытанні, як і чаму гэта адбылося.
Пра тое, як і што варылася на беларускай палітычнай кухні ў жніўні 1991-га года мы гутарым з Андрэем Рамашэўскім — былым выдаўцом нелегальнай літаратуры і старшынём Партыі аматараў піва.

Андрей РомашевскийПра сябе: Нарадзіўся й вырас ў Менску. Вучыўся ў менскім радыётэхнічным, на хімічным факультэце БДУ. Да супрацьуладнага супраціву далучыўся у Курапатах у 1988. Быў сябрам некалькіх розных партый, актыўным самвыдатчыкам, сузаснавальныкам «Партыі аматараў піва». Некалькі разоў сядзеў ад суткаў да СІЗА. Злосны хуліган (паперы маю). Ад року 1996 у эміграцыі. Працую праграмістам у невялікай фірме, ў вольны час пасу авечак альбо хаджу на паляванне.

Re : Распавядзіце, што гэта такое — belsamizdat?

А.Р: Малая прыватная нерэгістравная фірма. Цалкам добры бізнэс. Друкавалі ў Коўне, Вільні, а пасля і ў Менску. У тым ліку і ў друкарні «Чырвоная зорка». Друкавалі эсдэкам, ДС (Навадворская), ДП (убожкаўцы), розным дробным адмарозкам, і, акрамя таго, вельмі шмат татальнае жаўцізны, толькі што без порна. Апошняе выданне — газета «Пераварот» (жнівень 1991) – больш за 100 000 паасобнікаў, па рублю. Лагатып маляваў я.

Re: У Менску былі суполкі усіх гэтых арганізацый? І якімі сродкамі аперавалі дадзеныя структуры?

А.Р: У ДС былі толькі рэзыдэнты, але не стварылася рэгіянальная арганізацыя. У «Убожкаўцаў» была невялікая парт’ячэйка… бюджэты былі нулявыя. Адзіная партыя, у якой я тады быў, і якая хаця б мінімальна фінансавалася з за мяжы – partito radicale.

Re: А за якія грошы вы ім друкавалі «макулатуру» пры іх нулявых бюджэтах?

А.Р: Макулатура прадавалася. (Не памятаеце гісторыю з Рабіновічам якога паслалі ў тыл ворага з улёткамі?) У той час не партыі фінансавалі макулатуру, але троху наадварот — сетка распаўсюджвання атрымлівала 50-70%, друкарня — 5-7%, рэшта — дзялілася паміж выдавецтвам і замоўцам.

Re: Гэта значыць, нейкі прадпрымальны грамадзянін прынёс вам 100 тысяч «драўляных», надрукаваў 300 тысяч актуальных газет і перапрадаўшы іх на мітынгу зарабіў 300 тыс.?

А.Р: Калі возьмем канкрэтны прыклад газеты (хутчэй улёткі) «Пераварот», так там замоўцы не было — ўвесь прыбытак атрымала рэдакцыя/выдавецтва.

У той час я працаваў ў рэдакцыі навінаў БНФ. Прыйшоў на працу троху пазней, а, блін, працы няма – Суша (выдавец «Навiн БНФ» Алесь Суша – заўв. рэд.) эвакуюе тэхніку: пераварот, кажуць, кожную хвіліну кагэбэ как бы прыйдзе і ўсё забярэ. Я тады іду праз Маркса, мост, парк Горкага, каля дому літаратараў, да нашага дупла на «казлабродскай» (вул. Казлова – заўв. Re ), а там ўжо хлопцы «радыё Свабода» слухаюць і ўсё запісваюць.

Бегам дня друкавалася на старой друкарскай машынцы, ляпілася на A3 і ехала да друкарні. Не ведаю да якой дакладана — да Белдзяржпраекту альбо да друкарні Мінабароны (у 1991 у Літве друкавалі толькі поўныя лузеры). Увечары гэта ўжо было на плошчы! Адказна магу сцвяржаць, што «Пераварот» быў найапэратыўнейшым выданнем за ўсю гісторыю беларускага самвыдату. На другі дзень спакойна выйшаў другі нумар, пасля трэці, а пасля — канец.

Калі возмем выданне дробнай партыі – там такіх накладаў не было. А калі і рабіліся, памылкова, больш за 10 000, дык прадаваліся доўга, цяжка і вось яны як раз у архівах ляжаць .

Re: Больш за 100 тысяч лісточкаў А3, гэта амаль грузавік тыпу «Газэль». Можна было ў гарачыя дні «путчу» друкаваць антыпутчысцкія ўлёткі ў друкарні Мінабароны грузавікамі? Мне даўно здавалася што, «вандея перабудовы» — гэта лухта.

А.Р: 1000 аркушаў 80 г/м паперы — пачак ў 10 сантыметраў і 5 кілаграмаў. 300 тысячаў — паўтары тоны, і нешта каля 1m3. Значна меньш чым «Газэль». Друкавалася не адразу, але 3 дні. Папера троху горшая, так што кілаграмаў 400 за дзень. Хаця, што прыгадваю, і столькі не было. Нацягаліся, але не столькі. Так што з 300 тысячамі можа прагнаў, але дакладна не меньш за 100-200. Нацягаліся.

Re: Для паўтары мільёнаў насельніцтва і 200 тысяч не мала. Тым больш для друкарні мінабароны ў перыяд «перавароту». Яшчэ былі, здаецца, “Навіны БНФ” папулярныя?

А.Р: «Навіны БНФ» пераварот не перажылі. Ўласна, паміраць пачалі яшчэ перад пераваротам — больш за палову газеты займалі пастановы сойму БНФ і рэзалюцыі з’ездаў. Каму акрамя партфункцыянераў гэта было цікава чытаць? Ды й дызайн газэты быў непрыстойна прафесыйны для самвыдату. Засталася толькі «Свабода», дарэчы, незалежная ад БНФ. А, напрыклад, «Тайны кремлёвского двора», «Раиса Горбачёва — кто она?» і падобныя рэчы разыходзіліся МІЛЬЁННЫМІ накладамі (зразумела, не толькі ў Менску).

Прычым, шырока выкарыстоўваўся «прынцып шэрэвэры-кэрнштэйна» для самвыдату — «чым меньш якасны макет, чым крывейшая вёрстка, чым сумнеўнейшы кантэнт, чым горшая папер і горшы друк — тым больш таго прадаш». Напрыклад, пераход ад макету, зробленага на друкарскай машынцы, да кампутарнага для сацыяльна-дэмакратычнае газэты «Альтэрнатіва» адразу значыў тое, што прадавалася ў два разы горш… самвыдат мае цікавую самастойную гісторыю.

Re: Вернемся да путчу. Можна было ў гарачыя дні «путчу» друкаваць антыпутчыскія ўлёткі ў друкарні Мінабароны грузавікамі?

А.Р: Можна! Улічваючы тое, што друкар за адну такую акцыю атрымліваў свой заробак за пару месяцаў — можна. А друкаваўся самвыдат (у 90-х) нават ў друкарні МУС — бардэль і анархія ў часы распаду былі неверагодныя.

Re: На маю думку, друкар павінен быў даносіць ужо проста ў сілу звычкі і асцерагаючыся праверкі. Іншая справа, што верхнія эшалоны такое развіццё падзей магло цалкам задавальняць.

А.Р: Друкар мог дзяліцца с шэфам каб ня бачыў… у любым выпадку гэта ягоная праблема. Але скажу так — напрыклад у Белдзяржпраекце друкары баяліся заляцець знааааачна больш чым у друкарнях розных ворганаў. Так што, магчыма ведалі і вышэй і лічылі разумнейшым мець пад кантролем…  Але гэта толькі тэорыя.

Re: Можна было прыйсці ў друкарню і прапанаваць шэфу нелегальны статысячны тыраж? Як гэта адбывалася? Роднасныя сувязі? Цукеркі для сакратаркі?

Гэта тэма цёмная і для мяне. Асабіста я ехаў да ўжо «распрацаванай» друкарні. Ведаў да каго звярнуцца і колькі заплаціць.

Re: Адчувалі наогул «государеву руку»? Ну, выклікі ў міліцыю, слежку, прапановы ад якіх немагчыма адмовіцца?

А.Р: Як хто. Залётаў, насамрэч, было няшмат. Не забываемся, што ўсё адбывалася не ў часы «крывавае камуністычнае дыктатуры», якой сёння пужаюць дзяцей (тая была троху раней), але ў часы неверагоднага бардэлю і анархіі. Часта лавілі распаўсюднікаў, канфіскавалі наклады звычайныя вулічныя мянты. КГБ, бясспрэчна, сачыла, але, пэўна не лічыла патрэбным перашкаджаць. Альбо не лічылі небяспечным, альбо такой была цалкавая стратэгія. Асабіста са мной пару прафілактычных размоваў праводзілі, але значна меньш за самвыдат ім не падабалася і цікавіла чыннасць ДС.

Re: Пасля таго, як усе скончылася, які прыкладна адсотак рэдактараў і аўтараў самвыду перайшлі ў звычайную журналістыку і засталіся «ў прафесіі»?

А.Р: З людзей, што ў 80-90-я былі блізка самвыдату працягваюць журналісцкую працу хіба што Раман Якаўлеўскі і Паўлюк Быкоўскі… больш не памятаю. Ну, Дубавец доўга вытрымаў, Гермянчук. Але гэта ўжо другая генэрацыя — «Свабода», «Наша ніва»…

Re: Гэта значыць, пераход з самвыдата ў прафесійную журналістыку або прафесійную палітыку – не вельмі распаўсюджаная з’ява? А навошта ішлі ў самвыдат, калі не для таго, каб пісаць і ўплываць на розумы?

А.Р: Працэнт прафесійных журналістаў у самвыдаце быў абсалютна мінімальны. Таму няма нічога дзіўнага ў тым, што калі скончыўся самвыдат, скончылася і іхняя праца ў гэтым накірунку. Тым больш, што адразу за часамі самвыдату прыйшлі часы бардэлю і анархіі ў бізнэсе, і зарабляць грошы было можна на чым заўгодна. І яшчэ — нямала людзей з самвыдата засталіся і маюць посьпехі ў паліграфічным і выдавецкім бізнэсе. Гэта «ў прафэсіі»?

Re: Так, мабыць. Але для большасці самвыдатчыкаў гэта быў «проста бізнэс, нічога асабістага» — аналаг гандлю «снікерсамі»?

А.Р: Бізнэс. Самвыдат, перадусім жоўты, у умовах адсутнасці вольнае (альбо хаця б знешне падобнай на вольную) прэсы быў вельмі добрым бізнэсам. Існавала дзяржаўная манаполія на дэзынфармацыю, і самвыдатаўская манаполія на «праўду».

Дапамагчы перабудове й зарабіць бабла. Лічыш гэта несумяшчальнымі рэчамі? У розных выданнях гэтыя прыярытэты мелі розную вагу. Калі б самвыдат не быў камерцыйным праектам — раскідваўся б задарма да паштоўных скрынках — непараўнальна меншая рызыка і шырэйшая аўдыторыя, чым калі прадаеш на вуліцы, не?

Re: А праславутыя «антыперабудоўныя сілы» —  сталіністы якія-небудзь, штосьці выпускалі?

А.Р: На Беларусі – наўрад ці. Чыкінскую газэтыў «Мы и время» лічыць самвыдатам цяжка, хаця пэўную незалежнасьць яна мела.  Увогуле, беларускі свет самвыдату быў дробнай пародыяй на маскоўскі выбух. Там і прафэсыяналы былі (“Экспрэсс-хроника”, “Свободное слово”… А анархісты якія цудоўныя выданні рабілі!) і наклады сур’ёзныя.

Re: Адкуль пасля ўсяго гэтага прыйшла думка асесці на ферме ў чэшскай правінцыі?

А.Р: Ад’яжжаў я ў часы, калі мяне новая (лукашэнкава) ўлада ня вельмі любіла. Садзілі час ад часу, а я гэта таксама не вельмі люблю. Ды й выбары неяк так паказалі што ані я, ані нашая партыя нафіг не патрэбная беларускім электаральным масам. Толькі я, замест таго каб лямантаваць аб «няроўных умовах і фальсіфікацыях», як гэта яшчэ сёння модна у «апазыцыйных» колах, прыняў гэтую непрыемную праўду і адмовіўся ад змагання з ўласным народам. Рок пасядзеў у Польшчы, прыехаў да Чэхіі ды й неяк застаўся. Зараз у мяне амаль 2 гектары зямлі, авечкі, козы, гусі і шмат іншых карысных жывёлаў. Жонка, трое дзяцей — і ніякага электарату, «апазыцыяў» ці лукашэнкаў. Ну, с тутэйшай  ўладай, бывае, таксама  троху змагаюся, але гэта ўжо іншая гісторыя.

Заўв. рэд. З вялізным архівам беларускага перабудоўнага самвыдату можна пазнаёміцца ​​на сайце Вытокі

Leave a reply

Your email address will not be published. Required fields are marked *


два × = 10

Каталог TUT.BY